Беларускі спявак Сяргей Пархоменка (які выступае пад псеўданімамі Сярога і «Полиграф ШарикOFF») наведаў Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча. Пра гэта паведаміла прэс-служба Мінабароны Беларусі.
Адміністрацыя навучальнай установы правяла для Сярогі экскурсію, «пазнаёміла з гісторыяй і традыцыямі Мінскага СВВ, умовамі пражывання сувораўцаў».
«Спявак расказаў, што ў дзяцінстве хацеў стаць сувораўцам, але мары не наканавана было спраўдзіцца. Ён адзначыў, што вучылішча займае асаблівае месца сярод навучальных установаў нашай краіны, з’яўляючыся школай ваенна-патрыятычнага, духоўна-маральнага выхавання, а сувораўцы — прыклад абавязку і гонару, высакароднасці і прыстойнасці. Менавіта ў сценах МСВВ выхоўваюць сапраўдных патрыётаў Беларусі», — дала справаздачу прэс-служба Мінабароны Беларусі.
У каментары ВаенТБ спявак расказаў, што застаўся задаволены экскурсіяй.
— За адукацыю трэба змагацца, і я прыйшоў сюды ў тым ліку каб пераканацца, што тут за розумы, сэрцы і душы дзяцей змагаюцца. Тут аснова — гэта савецкія традыцыі. Гэта традыцыя савецкай адукацыі. Вось гэта ключавое. Тут хлопцы атрымліваюць сярэднюю школьную адукацыю і пры гэтым рыхтуюцца абараняць тое, што ёсць іх каштоўнасцямі, — сказаў на камеру Сярога.
Нагадаем, спявак Сярога быў вядомы ў Беларусі ў пачатку нулявых у першую чаргу як выканаўца хітоў «Черный бумер», «Возле дома твоего», «King Ring». Творчасць Сярогі была разлічаная на рускамоўную аўдыторыю.
З 2010 года беларускі спявак стаў суддзёй праекта «X-фактар Украіна». Тры гады праз атрымаў бестэрміновы від на жыхарства ва Украіне, дзе доўгі час жыў і працаваў.
У 2021 годзе ў інтэрв'ю ўкраінскаму журналісту Дзмітрыю Гардону ён сказаў, што яму спадабалася ва Украіне адразу ж пасля прыезду:
— Краіна для жыцця, краіна для любові, краіна для творчасці. Яна і цяпер для мяне такая ж, — адзначыў Сярога, падкрэсліўшы, што жыве на два гарады: Кіеў і Харкаў.
Пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання Сярога знік з публічнага поля. Спявак «усплыў» у Беларусі, дзе з кастрычніка 2021 года з’яўляецца чальцом журы праекта «X-фактар».
Нагадаем, у 2021 годзе былая жонка рэпера, украінская танцорка Паліна Алало — прайграла суд за дзяцей. Па рашэнні Кіеўскага апеляцыйнага суда ад 2 лютага непаўналетнія сыны Марк і Платон засталіся жыць з бацькам, пісалі Fakty.ua.