Аляксандр Лукашэнка 13 чэрвеня падпісаў указ «Пра прыняцце мер у галіне цэнаўтварэння», паведамляе прэс-служба палітыка.
Дакумент скіраваны на «забяспечанне адзіных падыходаў у галіне цэнаўтварэння і ўсталяванне найбольш празрыстага механізму фармавання экспартных цэн на асобныя тавары».
Так, унесеныя змены ва ўказ ад 5 снежня 2013 года № 550, якія прадугледжваюць, што максімальна дапушчальны рост плацяжоў насельніцтва за жыллёва-камунальныя паслугі не мусіць перавышаць 0,5 базавай велічыні (18,5 рубля). Раней, нагадаем, рост камуналкі абмяжоўвалі даляравым эквівалентам. Так, за год сярэдняя жыроўка на тыпавую двухпакаёўку з трыма зарэгістраванымі жыхарамі магла вырасці не больш чым на 5 даляраў (13 рублёў).
З улікам наяўнай практыкі па рэгуляванні цэн (тарыфаў) таксама ўнесеныя змены ва ўказ ад 25 лютага 2011 года № 72 «Пра некаторыя пытанні рэгулявання цэн (тарыфаў) у Рэспубліцы Беларусь».
Акрамя таго, прыпыненае дзеянне падпункта 1.3.1 пункта 1 дэкрэта № 6 ад 7 траўня 2012 года, якім давалася права камерцыйным арганізацыям, размешчаным у вясковай мясцовасці, рэалізоўваць на экспарт сухое абястлушчанае малако і масла без біржавых таргоў на Беларускай універсальнай таварнай біржы.