У відэатрансляцыі сёмай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, якая прайшла ў Мінску 25 сакавіка, «Люстэрка» заўважыла шмат дзіўнага ў адным з фрагментаў. Расказваем, што менавіта і на якім моманце гэта адбылося.
Заўвага: Мы змянілі першапачатковы тэкст навіны, апублікаванай увечары 25 сакавіка, праз тое, што некаторыя адназначныя сцверджанні ў ёй былі некарэктнымі. Прыносім чытачам прабачэнні за недакладнасці.

Момант, які выклікае пытанні, датычыць фрагмента трансляцыі, калі картэж Лукашэнкі заязджаў з праспекта Пераможцаў на тэрыторыю Палаца Незалежнасці.
Фрагмент ілюструе ўезд у браму. Да гэтага картэж пад’язджае да агароджы, а вось пасля ідзе прыкладна дзесяцісекундная ўстаўка праезду галоўнай машыны праз браму і далей па тэрыторыі — кадры, знятыя з паветра.
Калі параўноўваць гэты ўрывак з папярэднімі і наступнымі кадрамі, можна заўважыць шмат дзіўнага: «пасвятлелую» лужыну справа па курсе галоўнага аўто, знікненне вайскоўца, які знаходзіўся ля яе, раптоўнае з’яўленне вялікіх ценяў ад аўто і ліхтароў, якія прысутнічаюць толькі на гэтым фрагменце (дзень быў пахмурны, што заўважна па ўсёй трансляцыі). Пры гэтым па сваім кірунку цені падобныя да правільных — прыкладна так яны мусілі выглядаць у гэты час сутак, калі б на дварэ было сонечна.
Акрамя таго, у даху аўто, відаць, адлюстроўваецца ўжо падняты штандар, узняцце якога (паводле пратакола гэта адбываецца падчас прыбыцця Лукашэнкі) нам пакажуць толькі пасля прыезду Лукашэнкі замест яго выхаду з машыны. Таксама ў задняй частцы аўто нешта блікуе, як пры вельмі яркім сонцы — але, паўторымся, 25 сакавіка ў Мінску было пахмурна.
Таксама на гэтым фрагменце не працуе мігалка машыны суправаджэння ззаду — да і пасля змены карцінкі яна ўключаная. І на моманце пад’езду аўто Лукашэнкі да ўваходу ў палац зноў можна разгледзець сілуэт «зніклага» салдата ўсё там жа ля брамы.
Такі фрагмент ёсць ва ўсіх трансляваных дзяржСМІ на YouTube відэа цырымоніі інаўгурацыі Лукашэнкі і на сайце яго прэс-службы.
Нельга сказаць дакладна, чаму гэты фрагмент выглядае менавіта так. Магчыма, прычына такой раптоўнай перамены надвор’я — постапрацоўка менавіта гэтых кадраў трансляцыі, якая стварыла на іх «сонечную» абстаноўку. Астатнія неадпаведнасці пры такім сцэнары могуць тлумачыцца іншымі вугламі здымкі і супадзеннямі.
Іншы варыянт — для стварэння гэтага ўрыўка трансляцыі цырымоніі маглі выкарыстоўваць камп’ютарную графіку (напрыклад, праз правілы бяспекі і беспалётнай зоны над палацам, куды нельга залятаць дронам).
Таксама можна дапусціць, што кадры былі знятыя падчас праведзенай раней рэпетыцыі інаўгурацыі, а потым устаўленыя ў трансляцыю (прычынай маглі быць усё тыя ж патрабаванні бяспекі).
Дарэчы, моманту выхаду Лукашэнкі з машыны ў афіцыйнай трансляцыі няма — замест гэтага, як мы ўжо згадвалі, дэманстравалі яго штандар, які развяваўся на флагштоку. На наступных кадрах палітык ужо ідзе дывановай дарожкай, а машына з’язджае.
Раніцай 26 сакавіка расійскі прапагандыст Канстанцін Прыдыбайла паказаў фрагмент знятага ім відэа, на якім відаць, як Аляксандр Лукашэнка выходзіць з аўтамабіля і надзявае пінжак.
Нагадаем, традыцыйна 25 сакавіка беларусамі адзначаецца Дзень Волі ў гонар абвяшчэння ў 1918 годзе незалежнасці БНР. У 2025 годзе на гэтую дату прызначылі інаўгурацыю Лукашэнкі. Там ён, напрыклад, паабяцаў «беспощаднейше» перамагчы карупцыю — як і больш за 30 гадоў таму.
Выбары-2025, як і любая электаральная кампанія пасля прыходу ў 1994 годзе да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, ні сумленныя, ні свабодныя. Падрабязней пра тое, як рэжым дзесяцігоддзямі крадзе галасы беларусаў і беларусак, мы расказалі ў праекце «Без выбару».
Чытайце таксама


