Суд даў стрымеру і галоўнаму рэдактару iXBT Games Віталю Казунову дзесяць сутак арышту, паведамляе тэлеграм-канал ГУБАЗіК.
«Закон ёсць закон, нават для папулярных блогераў. Любое раскаянне лепш падмацоўваецца пакараннем у дзесяць сутак. А магло быць нашмат больш жорсткім», — пракаментавалі паведамленне сілавікі.
Артыкул, па якім блогер атрымаў «суткі», не называецца.
Нагадаем, напярэдадні стала вядома, што за БЧБ-аватарку і «дэманстрацыю нацысцкай сімволікі» затрымалі Віталя Казунова — папулярнага стрымера і галоўнага рэдактара iXBT Games. На яго YouTube-канал падпісаныя 469 тысяч чалавек.
Сілавікі заяўлялі, што на мужчыну склалі два пратаколы: за БЧБ-сцяг і дэманстрацыю свастыкі з гульні.