Financial Times піша, што Еўрасаюз збіраецца нанесці ўдар па эканоміцы Венгрыі, калі Будапешт не здыме вета на вылучэнне 50 млрд еўра дапамогі Украіне. Пераклад артыкула публікуе The Moscow Times.
У распрацаваным у Брусэлі плане выкладаецца стратэгія, скіраваная на «эканамічныя слабасці» Венгрыі. Сярод уразлівасцяў у ім названыя вельмі высокая інфляцыя, слабая валюта і самы высокі ў ЕС узровень плацяжоў па абслугоўванні доўгу.
У выпадку, калі венгерскі прэм’ер-міністр Віктар Орбан заблакуе рашэнне пра дапамогу Кіеву на саміце 1 лютага, ЕС збіраецца яшчэ мацней аслабіць валюту Венгрыі і знізіць інвестыцыйную прывабнасць эканомікі, каб нашкодзіць «працоўным месцам і эканамічнаму росту».
Пры далейшым супрацьдзеянні з боку Орбана іншыя лідары краін ЕС могуць публічна заявіць пра поўнае спыненне фінансавання Венгрыі, каб «напалохаць рынкі». Як піша FT, кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў паведамяць, што «ў святле неканструктыўных паводзін прэм’ер-міністра Венгрыі <…> яны не могуць сабе нават уявіць» магчымасць прадстаўлення Будапешту сродкаў ЕС. Без гэтага фінансавання еўрапейскія і міжнародныя кампаніі могуць страціць цікавасць да інвеставання ў Венгрыю. Мера справакуе павелічэнне бюджэтнага дэфіцыту і падзенне курсу валюты, адзначаецца ў дакуменце Брусэля.
Паводле дыпламатычных крыніц FT, многія краіны ЕС падтрымалі план Брусэля. Адзначаецца таксама, што такая стратэгія, скіраваная на падрыў эканомікі краіны — удзельніцы блока, можа быць выкарыстаная ўпершыню.
«Нічога агульнага з верхавенствам закона»
Каментуючы артыкул, які з’явіўся ў FT, палітычны дарадца прэм’ер-міністра Венгрыі Балаж Орбан заявіў, што Брусэль шантажуе Будапешт.
Венгрыя на пэўных умовах гатовая пайсці на кампраміс у пытанні вылучэння Украіне пакета дапамогі ў памеры 50 млрд еўра. Адпаведная прапанова была адпраўленая ў Брусэль 27 студзеня, напісаў Орбан у Х. Падрабязнасцяў прапановы ён не раскрыў.
«Цяпер стала вельмі ясна: гэта шантаж, які не мае нічога агульнага з верхавенствам закона. І цяпер яны нават не спрабуюць гэта схаваць!» — напісаў дарадца прэм’ера.
Раней, як пісала Politico, Венгрыя пагадзілася зняць вета з фінансавай дапамогі Украіне, але пры ўмове, што Еўрапейскі савет аднагалосна ўхваліць штогадовы перагляд фінансавання Кіева. З практычнага пункту гледжання гэта дало б Орбану права кожны раз блакаваць дапамогу Кіеву і дамагацца саступак ад Брусэля, казалі крыніцы выдання.
У той жа час краіны ЕС падрыхтавалі «план Б» пра вылучэнне дапамогі Украіне па-за бюджэтам ЕС за кошт прадстаўлення чальцамі блока фінансавых гарантый. Аднак для гэтага неабходная ратыфікацыя нацыянальнымі парламентамі, «што прывядзе да затрымак і няпэўнасці».
На апошнім саміце Еўрасаюза 14−15 снежня 2023 года ў Брусэлі Віктар Орбан заблакаваў папраўкі да бюджэту ЕС на 2024−2027 гады, якія прадугледжвалі вылучэнне Кіеву 50 млрд еўра.