Ва Украіне загінулі беларусы Андрэй Авярушка і Аляксандр Сянюк, якія ваявалі ў складзе падраздзяленняў расійскай арміі, піша «Радыё Свабода» са спасылкай на валанцёрскі праект «Не жди меня из Украины». Абодва ваявалі ў расійскай арміі па кантракце.
Пра гібель Андрэя Авярушкі праекту паведамілі яго дзеці, якія пачалі шукаць бацьку ў пачатку жніўня гэтага года. 10 жніўня стала вядома пра яго гібель.
Мужчына нарадзіўся 11 ліпеня 1969 года ў пасёлку Індура Гродзенскай вобласці і ваяваў у 254-м гвардзейскім мотастралковым палку (вайсковая частка 91 704) — гэта тактычнае фарміраванне сухапутных войскаў Расіі. Падраздзяленне дыслакавалася ў Клінцах Бранскай вобласці. Дзеці ўжо атрымалі пацверджанне гібелі свайго бацькі.
24 красавіка 2024 года стала вядома пра гібель Аляксандра Сянюка з Мінска. Да кантракту ў расійскай арміі ён, імаверна, працаваў кіроўцам пасажырскага аўтобуса ў сталіцы. Ваяваў пад пазыўным Белы ў першай асобнай штурмавой роце 33-га мотастралковага палка, які ўдзельнічаў у баях у Херсонскай і Мікалаеўскай абласцях Украіны.
«Пра яго гібель паведаміў вайсковец з ягонага палка», — удакладнілі валанцёры.
Абставіны і дэталі падпісання гэтымі беларусамі кантрактаў на службу ў расійскім войску невядомыя.