Расія раніцай 26 жніўня нанесла камбінаваны масіраваны ўдар па Украіне. Паводле звестак мясцовых тэлеграм-каналаў, выбухі прагрымелі ў Кіеве, Крывым Рогу, Крапіўніцкім, Дняпры, Запарожжы, Хмяльніцкім, Луцку, Львове, у Палтаўскай і Адэскай абласцях.
Паветраныя сілы УСУ паведамлялі пра заход першых крылатых ракет у паветраную прастору краіны з поўдня і з паўночнага ўсходу. Раніцай на ўсёй тэрыторыі Украіны была абвешчаная паветраная трывога.
У выніку ракетнага ўдару ў Луцку Валынскай вобласці быў пашкоджаны шматкватэрны дом і аб’ект інфраструктуры. Паводле мэра горада Ігара Палішчука, вядома прынамсі пра аднаго загінулага.
У Палтаўскай вобласці ракета ўдарыла ў прамысловы аб’ект. Паводле інфармацыі кіраўніка АВА Філіпа Проніна, параненыя пяць чалавек.
У выніку масіраванай расійскай атакі ёсць пашкоджанні інфраструктурных аб’ектаў у Кіеве і вобласці.
«Усю ноч і раніцу вораг атакуе вобласць ракетамі і ўдарнымі дронамі. Ёсць пашкоджанні інфраструктурных аб’ектаў, паранены прынамсі адзін чалавек, ён дастаўлены ў адну з раённых медустановаў, аказваецца неабходная дапамога», — расказаў кіраўнік Кіеўскай АВА Руслан Краўчанка.
Паводле яго, зафіксаванае пашкоджанне прыватных дамоў у выніку падзення абломкаў збітых цэляў у чатырох раёнах.
Паводле інфармацыі мэра ўкраінскай сталіцы Віталя Клічко, у горадзе некалькі раёнаў засталіся без святла, а на правым беразе зафіксаваныя перабоі з водазабяспечаннем.
Кіраўнік Львоўскай абласной вайсковай адміністрацыі Максім Казіцкі заявіў, што расійскія войскі атакуюць энергетычныя аб’екты, таму ў рэгіёне ўзніклі перабоі з электрычнасцю.
У Запарожскай вобласці расійская ракета звалілася побач з прыватным домам. У выніку атакі загінуў мірны жыхар, паведамілі ў АВА. Яшчэ адзін чалавек загінуў у Днепрапятроўскай вобласці.
Як паведамляе энергетычная кампанія ДТЭК, «Укрэнерга» распарадзілася пачаць экстранныя адключэнні святла ва ўсёй Украіне.
«Звяртаем увагу, што падчас экстранных адключэнняў графікі, якія могуць быць спрагназаваныя загадзя, не дзейнічаюць. Энергетыкі ўсёй краіны працуюць 24/7, каб вярнуць святло ў дамы украінцаў», — гаворыцца ў паведамленні кампаніі.
Міністр энергетыкі Украіны Герман Галушчанка расказаў, што мэта расійскай атакі — энергетычная інфраструктура краіны.
«Сітуацыя складаная, наступствы атак удакладняюцца. Энергетыкі ўжо працуюць над іх ліквідацыяй», — заявіў ён.
«Укрзалізныця» паведаміла пра затрымкі ў руху цягнікоў праз абясточванне ў розных рэгіёнах.
«У сувязі з маштабнай атакай ворага ёсць некалькі абясточванняў у розных рэгіёнах. Выведзеныя рэзервовыя цеплавозы, усе цягнікі на далёкіх маршрутах працягнуць рух. Прыгарадны рух электрацягнікамі пакуль таксама з затрымкамі, энергетыкі ўжо працуюць на месцах. City Express у Кіеве і Дняпры — па графіку», — гаворыцца ў паведамленні.
У выніку паветранай атакі РФ 26 жніўня пацярпелі 15 абласцей Украіны.
Прэм’ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль расказаў, што расійскі масіраваны ўдар зазналі 15 абласцей краіны.
«15 абласцей пацярпелі сёння ў выніку расійскай масіраванай атакі. Мэтай расійскіх тэрарыстаў зноў стала энергетычная інфраструктура. Вораг выкарыстаў розныя віды ўзбраення: БПЛА, крылатыя ракеты, „Кінжалы“. Ёсць параненыя і загінулыя. Шчырыя спачуванні родным і блізкім», — напісаў ён.