Падчас дэбатаў 150-й Асамблеі Міжпарламенцкага саюза старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава абурылася, што правы чалавека, у тым ліку права на жыццё, «прыносяцца ў ахвяру геапалітычнай канкурэнцыі». Пра гэта паведамляецца ў тэлеграм-канале дзяржструктуры. Аднак чыноўніца змаўчала пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

Падчас свайго выступу Наталля Качанава расказала, што запыт на сацыяльную справядлівасць выходзіць на першы план у глабальным парадку дня. Паводле яе, у свеце расце няроўнасць, узмацняюцца канфлікты, а правы чалавека ўсё часцей «прыносяцца ў ахвяру геапалітычнай канкурэнцыі».
— Няроўнасць даходаў, часта паводле гендарнага прынцыпу, а таксама няроўнасць доступу да базавых грамадскіх выгодаў прыводзіць да росту сацыяльнага дысбалансу як унутры краін, так і паміж імі. Як можна забяспечыць устойлівае сацыяльнае развіццё, калі прымяняюцца незаконныя санкцыі, свет ахоплены канфліктамі, у выніку якіх гінуць людзі, а іх асноватворныя правы, уключаючы права на жыццё, прыносяцца ў ахвяру геапалітычнай канкурэнцыі? — заявіла старшыня Савета Рэспублікі.
Чыноўніца таксама паскардзілася на «незаконныя санкцыі», войны і гонку ўзбраенняў, падкрэсліўшы, што ўсё гэта перашкаджае ўстойліваму развіццю і ўзмацняе сацыяльны дысбаланс.
Пры гэтым Качанава не згадала сітуацыю з правамі чалавека ў самой Беларусі — масавыя рэпрэсіі, палітвязняў, звальненні па палітычных матывах. Такія заявы, зробленыя на міжнароднай пляцоўцы, гучаць асабліва супярэчліва на фоне ўнутранай палітыкі Мінска, дзе ўжо даўно падмянілі «сацыяльную справядлівасць» лаяльнасцю да ўлады.
150-я Асамблея Міжпарламенцкага саюза праходзіць з 5 да 9 красавіка ў Ташкенце (Узбекістан).
Чытайце таксама