Да канца выходных на межах Беларусі і краін ЕС выраслі вялікія чэргі з аўтобусаў і легкавікоў, якія, паводле звестак маніторынгу Дзяржпамежкамітэта, не рассмакталіся і на раніцу панядзелка. У памежных чатах пішуць, што чакаюць у пунктах пропуску больш за 30 гадзін.

Станам на шэсць гадзін раніцы панядзелка, 5 жніўня, выезду з Беларусі ў Польшчу чакаюць 70 аўтобусаў. Яшчэ горшая сітуацыя была ноччу: у пункце пропуску «Брэст» сабралася 80 аўтобусаў.
Напярэдадні ў памежных чатах людзі паведамлялі, што нават з улікам перасадак бліжэй да шлагбаўма трацілі на перасячэнне мяжы восем-дзевяць гадзін. Пры гэтым нават перасесці было праблематычна: «Удалося падсесці ў дзявятую маршрутку, першыя восем — поўныя», — напісаў адзін пасажыр.

Адзін з аўтобусаў фірмы «Візіт тур» прастаяў на польскай мяжы 21,5 гадзіны — амаль суткі.

Акрамя таго, у «Брэсце» стаіць 480 легкавікоў — з ночы іх стала нават больш. Людзі расказваюць, што стаяць у чарзе 30 гадзін і нават больш.


Чэргі ёсць і на літоўскім кірунку: у пункце пропуску «Каменны Лог» у 06.00 панядзелка выезду з Беларусі чакалі 200 легкавікоў, у «Беняконях» — 115. А таксама 16 аўтобусаў на «Каменным Логу» (уначы было 17−18).
Мяркуючы з чатаў, на аўтобусе перасекчы беларуска-літоўскую мяжу можна больш чым за 20 гадзін, на легкавіку — усё тыя ж 32 гадзіны.


На латвійскім кірунку (пункт пропуску «Грыгароўшчына») чэргаў няма.
Акрамя таго, на мяжы Беларусі і ЕС стаіць больш за 2000 фураў: 720 — у «Каменным Логу», 940 — у «Беняконях», 400 — у «Грыгароўшчыне», а ў «Казловічах» пуста.